САВЕ́ЦКА-ІНДЫ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.

Гандлёвае пагадненне 1953, падпісана 2 снеж. ў Маскве. Прадугледжвала развіццё і пашырэнне сав.-інд. гандлю на аснове роўнасці і ўзаемнай карысці, устанаўлівала рэжым узаемнага найб. спрыяння ў гандлі, усталявала парадак узаемных разлікаў (у інд. рупіях). Заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Індыі ў эканам. галінах. Пагадненне 1960 пра культурнае, навуковае і тэхнічнае супрацоўніцтва, падпісана 12 лют. ў Дэлі. Пашырала сав.-інд. супрацоўніцтва на сферы навукі і культуры. Дагавор 1971 аб міры, дружбе і супрацоўніцтве, падпісаны 9 жн. ў Дэлі. Паводле яго кожны бок абавязваўся паважаць незалежнасць, суверэнітэт і тэр. цэласнасць адзін аднаго, падтрымліваць рэгулярныя кантакты па важных міжнар. праблемах, якія закраналі іх інтарэсы, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Дагавор пацвердзіў імкненне бакоў да ўмацавання і пашырэння супрацоўніцтва ў галінах транспарту, гандлю, эканомікі, навукі, тэхнікі, развіцця кантактаў у сферах культуры, адукацыі, аховы здароўя і інш.

т. 14, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)